Бізнес-форум Рэспублікі Беларусь і Ніжагародскай вобласці
2 лютага 2023 г

У Крамлі Ніжняга Ноўгарада адбыўся бізнес-форум Рэспублікі Беларусь і Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі, арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай сумесна з Саюзам «Гандлёва-прамысловая палата Ніжагародскай вобласці».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка, губернатар Ніжагародскай вобласці Глеб Нікіцін, старшыня праўлення – генеральны дырэктар Саюза «Гандлёва-прамысловая палата Ніжагародскай вобласці» Іван Разуваеў, генеральны дырэктар Мінскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Сяргей Набешка.

Беларускі бізнес прадставілі больш за 70 кіраўнікоў кампаній, якія працуюць у розных сектарах: дрэваапрацоўка, мікраэлектроніка, інавацыйная вытворчасць, хімічная, харчовая прамысловасць, аграпрамысловы комплекс, лёгкая прамысловасць, будаўніцтва. Ад расійскага боку ў мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 190 прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады, бізнес-аб'яднанняў і кампаній Ніжагародскай вобласці.

Губернатар Ніжагародскай вобласці Глеб Нікіцін падкрэсліў, што ўзаемадзеянне ніжагародскіх і беларускіх прадпрыемстваў за апошнія гады істотна ўзмацнілася. «Дынаміка тавараабарота па выніках 2022 года захоўваецца станоўчай, паказчыкі высокія. Лічу, што шмат у чым такіх поспехаў мы дабіліся дзякуючы рэгулярнай сумеснай дзейнасці. Наша праца таксама спрыяе вырашэнню шматлікіх пытанняў у рамках двухбаковага супрацоўніцтва», – сказаў Глеб Нікіцін.

Губернатар Ніжагародскай вобласці і Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь пажадалі ўдзельнікам бізнес-форуму прадуктыўнай работы і змястоўных дыскусій.

«Я ўпэўнены, што ўдзельнікі форуму знойдуць новыя праекты, заключаць новыя кантракты і абавязкова дамовяцца аб тым, што яшчэ неабходна зрабіць у бягучым годзе для таго, каб вывесці супрацоўніцтва на новы ўзровень», –адзначыў Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь падкрэсліў значнасць маштабнай работы, праведзенай Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Гандлёва-прамысловай палатай Ніжагародскай вобласці па арганізацыі такога бізнес-форуму.

Вітаючы ўдзельнікаў форуму, генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП Сяргей Набешка адзначыў, што Беларусь і Ніжагародскую вобласць Расіі звязваюць эфектыўныя і дружалюбныя адносіны. Актыўна развіваецца ўзаемадзеянне па лініі гандлёва-прамысловых палат, на рэгулярнай аснове ажыццяўляецца абмен візітамі, праводзяцца мерапрыемствы з удзелам бізнесу.

«З кожным візітам у Расейскую Федэрацыю мы назіраем павелічэнне колькасці ўдзельнікаў з беларускага боку. Сёння ў зале мы бачым больш за 70 беларускіх удзельнікаў, прадстаўнікоў каля 50 прадпрыемстваў. Безумоўна, ёсць партнёры, якія ведаюць адзін аднаго і працуюць на пастаяннай аснове, але пры гэтым прысутнічае дастатковая колькасць прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, якія хочуць устанавіць новыя кантакты», – адзначыў Сяргей Набешка. Ён выказаў упэўненасць, што візіт беларускага бізнесу і форум дадуць магчымасць паглыбіць кааперацыйныя сувязі, будуць садзейнічаць рэалізацыі паспяховых праектаў, а таксама запрасіў дзелавыя колы Ніжагародскай вобласці наведаць Беларусь для прадаўжэння прадуктыўнага ўзаемадзеяння. «Гандлёва-прамысловыя палаты будуць і ў далейшым дзейсным інструментам для дыялога паміж бізнесам, у тым ліку ў рамках маючага адбыцца Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, выставы ІННАПРОМ і іншых кангрэсных мерапрыемстваў», –сказаў генеральны дырэктар Мінскага аддзялення БелГПП.

Асноўнай тэмай форуму стала абмеркаванне інструментаў эканамічнага развіцця, такіх, як тэрыторыі з асаблівымі падатковымі рэжымамі, праграмы падтрымкі навукі і інавацый, біржавыя таргі. Адбыліся прэзентацыі інвестыцыйнага патэнцыялу Ніжагародскай вобласці, пляцоўкі імпартазамяшчэння, створанай на базе Беларускай універсальнай таварнай біржы, магчымасцей індустрыяльных паркаў і іншых спецыяльных эканамічных зон у Беларусі і Ніжагародскай вобласці. Разгледжаны магчымасці рэалізацыі сумесных праектаў, удзелу кампаній Беларусі і Расіі ў дзяржаўных закупках у дзвюх краінах.

Акрамя таго, форуму папярэднічалі В2В-перамовы ў ГПП Ніжагародскай вобласці. На перагаворнай пляцоўцы сабраліся прадстаўнікі 34 кампаній з Беларусі, 140 ніжагародскіх прадпрыемстваў. Усяго адбылося больш за 500 двухбаковых сустрэч, устаноўлены новыя дзелавыя кантакты для паглыблення гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння Рэспублікі Беларусь і расійскага рэгіёну.

Па выніках форуму і перагавораў падпісаны двухбаковыя дакументы - пагадненні аб супрацоўніцтве, у тым ліку паміж Адміністрацыяй Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» і Гандлёва-прамысловай палатай Ніжагародскай вобласці, а таксама кантракты на пастаўку прадукцыі.

2 лютага работу членаў беларускай дэлегацыі ў Ніжнім Ноўгарадзе прадоўжылі наведванні прадпрыемстваў і двухбаковыя перагаворы з кіраўнікамі кампаній рэгіёну.

Фота
Відэа