Намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Дзяніс Мялешкін прыняў удзел у форуме для беларускай бізнес-супольнасці «Ліга экспарту», які прайшоў у Мінску.
Мерапрыемства арганізавана, каб сабраць у адзін час і на адной пляцоўцы вядучых нацыянальных экспертаў у галіне знешнеэканамічнай дзейнасці. Яно арыентавана як на прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, якія робяць першыя крокі ў выхадзе на замежныя рынкі, так і на буйныя арганізацыі, зацікаўленыя ў атрыманні інфармацыі аб апошніх тэндэнцыях актуальнай знешнеэканамічнай павесткі.
Удзельнікаў мерапрыемства віталі Першы намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Мікалай Снапкоў і намеснік Міністра замежных спраў Ігар Назарук, які зачытаў адрас ад кіраўніка МЗС.
У якасці спікераў на мерапрыемства былі запрошаны кіраўнікі ўсіх асноўных інстытутаў нефінансавай падтрымкі экспарту (Нацыянальны цэнтр маркетынгу, Беларуская гандлёва-прамысловая палата, Агенцтва знешнеэканамічнай дзейнасці), а таксама найбольш буйныя ігракі на беларускім рынку, якія працуюць у сферы ЗЭД, маркетынгу, электроннага гандлю, фінансавай. падтрымкі экспарту, мытні і лагістыкі.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, Дзяніс Мялешкін падкрэсліў актуальнасць тэматыкі форуму і кола пытанняў, асабліва з улікам задач, якія стаяць сёння, па дыверсіфікацыі і далейшым нарошчванні аб'ёмаў нацыянальнага экспарту.
«Хачу адзначыць важнасць сённяшняга мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў інстытутаў падтрымкі экспарту для айчынных прадпрыемстваў. Фарміраванне ў бізнесу разумення існуючых механізмаў і даступных інструментаў фінансавага і нефінансавага суправаджэння экспарту, патэнцыялу спецыялізаваных інстытутаў дасць магчымасць значна пашырыць магчымасці беларускіх суб'ектаў гаспадарання ўсіх форм уласнасці на новых перспектыўных напрамках экспарту», – сказаў намеснік старшыні БелГПП.
Ён падрабязна спыніўся на інструментах комплекснага суправаджэння знешнеэканамічнай дзейнасці, якія прапаноўвае БелГПП: прававая і інфармацыйна-аналітычная падтрымка, прадстаўленне і абарона інтарэсаў беларускага бізнесу за мяжой, эфектыўная арганізацыя яго ўдзелу ў дзелавых і выставачна-кірмашовых мерапрыемствах на тэрыторыі замежных дзяржаў, адукацыйных праграмах і іншых.
«Дзякуючы свайму статусу, замацаванаму на заканадаўчым узроўні, профілю арганізацый і шырокай партнёрскай сеткі за мяжой БелГПП мае значныя кампетэнцыі і магчымасці ў сферы прасоўвання экспарту. Палата імкнецца адпавядаць сучасным выклікам і актуальным запытам бізнесу, прапаноўваючы новыя рашэнні і комплексную прававую, маркетынгавую і інфармацыйна-аналітычную дапамогу. Статус члена БелГПП – гэта лепшая рэкамендацыя ў дзелавых колах Беларусі і ўсяго свету, прыкмета надзейнасці і добрасумленнасці ўдзельніка знешнеэканамічнай дзейнасці», – падкрэсліў Дзяніс Мялешкін.