У Шанхаі ў шосты раз праходзіць маштабная выставачная падзея – Кітайская міжнародная выстава імпарту (CIIE). Мерапрыемства праводзіцца пад патранажам старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна. У гэтым годзе ў ім удзельнічаюць больш за 150 краін.
З моманту заснавання выставы ўдзел у CIIE штогод прымае і Беларусь. Сёлета больш за 70 беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый у рамках Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь, арганізаванай Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і выставачным унітарным прадпрыемствам «Белінтэрэкспа» БелГПП, дэманструюць сваю лепшую прадукцыю, дасягненні і распрацоўкі, перспектыўныя для прасоўвання на рынак КНР.
На афіцыйным адкрыцці беларускай экспазіцыі прысутнічалі Міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Чарвякоў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Юрый Сянько, намеснік Міністра камерцыі КНР Лін Цзі, дырэктар выставачнага прадпрыемства «Белінтэрэкспа» БелГПП Наталля Кураш Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» Аляксандр Ярашэнка.
Выставачныя стэнды беларускай экспазіцыі прадстаўлены ў краінавым і камерцыйных павільёнах.
Беларускі краінавы павільён, створаны ў архітэктурнай канцэпцыі будынка Вялікага тэатра оперы і балета, прыцягвае ўвагу наведвальнікаў з першага погляду сваім асаблівым дэкорам і яркай ілюмінацыяй. Наведвальнікі могуць атрымаць асалоду ад выступленняў салістаў Вялікага тэатра і артыстаў балета, а таксама струннага квінтэта «Серанада». Тут жа, у павільёне, арганізаваны паказы прадукцыі прадпрыемстваў канцэрна «Беллегпрам» і калекцый футравых вырабаў Белкаапсаюза. Гасцей сустракаюць галаграмы маладых людзей у беларускіх нацыянальных строях.
З першага дня работы выставы ў краінавым павільёне праходзяць Дні рэгіёнаў Беларусі з запрашэннем кітайскіх партнёраў з правінцый – пабрацімаў беларускіх абласцей і сталіцы. Сёння адбыўся Дзень Мінска ў Шанхаі, прайшлі выступленні і прэзентацыі прадстаўнікоў сталічных прадпрыемстваў і дэгустацыі іх прадукцыі, а таксама В2В-сустрэчы і перагаворы. Абласныя мерапрыемствы будуць праводзіцца на пляцоўцы краінавага павільёна Беларусі штодзень на працягу ўсяго тэрміну работы выставы.
Найбольш прадстаўнічы склад беларускіх экспанентаў сабраў камерцыйны павільён «Харчовая і сельскагаспадарчая прадукцыя». Харчаванне карыстаецца вялікім попытам на кітайскім рынку, і ў гэтым павільёне беларускія прадукты прадстаўляюць больш за 30 кампаній, уключаючы вядомыя прадпрыемствы, якія ўваходзяць у канцэрны «Белдзяржхарчпрам» і «Брэстмясамалпрам». Айчынныя вытворцы прывезлі ў Шанхай малочную прадукцыю, знакамітую сваёй якасцю: сухое малако, новыя віды сыроў, малако для дзіцячага харчавання, вяршкі і замарожаныя сыркі, згушчанае малако, у тым ліку з рознымі густамі, а таксама марожанае. Спецыяльна для кітайскага рынку беларускія прадпрыемствы падрыхтавалі лінейку безлактознай малочнай прадукцыі, сухія і натуральнамалочныя прадукты.
Наведвальнікі могуць ацаніць высакаякасныя мясныя вырабы, у тым ліку каўбасныя дэлікатэсы і вэнджаніну, прадукты з ялавічыны і свініны, навінкі ад Магілёўскага і Брэсцкага мясакамбінатаў.
Аматараў салодкага радуе разнастайнасць кандытарскіх вырабаў: шакалад, карамель, мармелад і мучныя дэлікатэсы. Прапанаваны і асартымент алкагольных (гарэлка, настойкі і бальзамы) і безалкагольных напояў. Акрамя гэтага, беларускія ўдзельнікі ладзяць прэзентацыі і дэгустацыі сваёй прадукцыі.
Унутры павільёна для наведвальнікаў праводзяцца захапляльныя шоу з майстар-класамі па прыгатаванні страў нацыянальнай беларускай кухні ад вядомага шэф-кухары з Беларусі Антона Каленіка.
У павільёне «Высокатэхналагічнае абсталяванне і інфармацыйныя тэхналогіі» наведвальнікі беларускага стэнда могуць азнаёміцца з навукова-тэхнічнымі дасягненнямі і інавацыйнымі распрацоўкамі ў сферы нафтахіміі і прамысловасці. Айчынныя прадпрыемствы нафтахімічнай галіны дэманструюць узоры сінтэтычных ніцей, азотныя ўгнаенні, прамысловую хімію і іншае. Прамысловы патэнцыял Беларусі на выставе ў Шанхаі прэзентуюць Навукова-вытворчы холдынг дакладнага машынабудавання «Планар», ААТ «Гомсельмаш» і ААТ «БМЗ – кіруючая кампанія холдынгу «БМК».
У павільёне «Спажывецкія тавары» наведвальнікам прадстаўлены тэкстыльныя і пушна-футравыя вырабы, а таксама льняная прадукцыя. Асаблівая ўвага надаецца новай калекцыі ад вядучага футравага брэнда Беларусі – GNL, якая атрымала назву «Шаўковы шлях». Высакаякасныя футравыя вырабы, вырабленыя прадпрыемствам «ИнтерПродТрейд» Белкаапсаюза, характарызуюцца сучасным дызайнам і новымі тэхналагічнымі распрацоўкамі ў пашыве і аздабленні.
Упершыню на кітайскім рынку прадстаўлены брэнд «Мерч Першага», які прывёз калекцыю світшотаў з эксклюзіўнымі цытатамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на рускай і кітайскай мовах.
Акрамя таго, на стэндзе прадстаўлена тарфяная прадукцыя прадпрыемстваў «Белтопгаза», якая ўжо вядома кітайскім спажыўцам.
Біржавыя, мытныя, адукацыйныя і лагістычныя паслугі, распрацоўкі айчынных адукацыйных і навуковых устаноў, а таксама патэнцыял свабодных эканамічных зон краіны дэманструюцца ў павільёне «Таргоўля паслугамі». Традыцыйны сумесны стэнд прадстаўляюць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях і Міністэрства адукацыі. Яны прэзентуюць адукацыйныя паслугі і інавацыйныя распрацоўкі, сярод якіх вылучаюцца штучныя ізумруды, тэхналогія для мікраэлектронікі, графензмяшчальны матэрыял і вырабы на яго аснове, тэхналогія для нанясення кампазіцыйных нанапакрыццяў, тэрмаўстойлівыя матэрыялы, тэхналогія па вытворчасці сухіх бактэрыяльных заквасак. Усяго ў павільёне прадстаўлена каля 40 навукова-тэхнічных распрацовак устаноў і арганізацый Мінадукацыі і НАН Беларусі.
Выставу суправаджае дзелавая і культурная праграма. 3 лістапада, напярэдадні беларускай экспазіцыі на CIIE, адбыўся дзелавы форум прадстаўнікоў беларускага і кітайскага бізнесу, арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Кітайскім камітэтам садзейнічання міжнароднаму гандлю Шанхая. На мерапрыемстве былі прадстаўлены экспартныя магчымасці беларускіх кампаній – удзельніц форуму і нацыянальнай экспазіцыі, адбыліся дзелавыя перагаворы паміж прадстаўнікамі бізнес-колаў.
VI Кітайская міжнародная выстава імпарту ў Шанхаі працягне працу да 10 лістапада.